БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ САЮ́З СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ І КРЭДЫ́ТНЫХ КААПЕРАТЫ́ВАЎ,

Белсельсаюз, рэспубліканская кааператыўная арг-цыя ў 1921—29. Створаны ў Мінску як Саюз с.-г. кааперацыі Беларусі, з 1922 наз. Бел. цэнтр. саюз с.-г. і прамысл. т-ваў (Белсельпрамсаюз), з 1925 — Белсельсаюз. Напачатку меў на мэце арганізацыю вытв-сці і збыту с.-г. прадукцыі, калектывізацыю вёскі. Дзейнасці перашкаджалі рэарганізацыі, няўвага да фінансавага боку справы, захапленне арганізац.-мітынговымі метадамі кіравання, што ў 1924 прывяло яго амаль да краху. У сак. 1924 выбраны новы склад кіраўніцтва (старшыня праўлення С.Лысаў, старшыня савета Дз.Ф.Прышчэпаў, старшыня рэвіз. камісіі І.І.Валодзька), у маі 1925 прыняты новы статут, які вызначыў задачы: абарона працоўных інтарэсаў членаў саюза, забеспячэнне іх насеннем, с.-г. прыладамі і сыравінай, арганізацыя прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, распрацоўка агракульт. мерапрыемстваў. Са станаўленнем нэпа ў бел. вёсцы пашырылася нізавая сетка с.-г. кааперацыі, умацавалася яе сац. база, развіваліся спец. віды с.-г. кааперацыі (малочная, садова-агародная, меліярацыйная). Аднак каап. ўстановы не былі пазбаўлены дзярж. кантролю і цалкам залежалі ад дзярж. крэдытаў. У 1928 са складу Белсельсаюза вылучаны Белкалгассаюз (гл. Беларускі цэнтральны саюз сельскагаспадарчых калектываў). Пасля ліквідацыі Белсельсаюза яго функцыі перададзены рэсп. галіновым саюзам с.-г. кааперацыі.

С.М.Ходзін.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)